Сталкінг: як распазнаць, як абараніцца і дзе шукаць дапамогу ў Беларусі?

stalking.png
Сталкінг - гэта пераслед, які можа цалкам пазбавіць чалавека пачуцця бяспекі. Надакучлівыя тэлефанаванні, сачэнне, пагрозы ў рэальным ці віртуальным асяроддзі ператвараюць жыццё пацярпелага(ай) у пастаянны стрэс. Чаму ў Беларусі з гэтым так складана змагацца, як распазнаць пагрозу і абараніць сябе – разглядаем у гэтым артыкуле.

У гэтым артыкуле чытайце:

Што такое сталкінг?

Сталкінг - гэта надакучлівы пераслед чалавека, які можа адбывацца як у фізічнай, так і ў віртуальнай форме. Важна адрозніваць сталкінг ад назойлівых паводзін. Сталкер(ка), у адрозненне ад дакучлівага чалавека, сістэматычна і мэтанакіравана парушае межы пацярпелага(ей), імкнучыся кантраляваць яе (яго) жыццё, выклікаючы страх і неспакой.

Сталкінг выяўляецца ў выглядзе бесперапынных тэлефонных званкоў, паведамленняў, сачэння, з'яўлення каля дома альбо працы пераследуемага(ай). У віртуальным асяроддзі гэта можа быць бесперапыннае адсочванне актыўнасці ў сацсетках, стварэнне фэйкавых акаўнтаў для сувязі ці распаўсюджванне ілжывай інфармацыі.

Якія віды сталкінгу існуюць?

Сталкінг можна падзяліць на два асноўныя віды:

  • Фізічны сталкінг уключае сачэнне за аб'ектам пераследу, з'яўленне ў месцах, дзе ён (яна) бывае, спробы завесці асабісты кантакт або ўздзейнічаць праз блізкае атачэнне.
  • Анлайн-сталкінг адбываецца ў лічбавай прасторы і можа ўключаць сачэнне праз сацсеткі, адпраўку пагрозлівых паведамленняў, распаўсюджванне паклёпу ці інтымных фота без згоды пацярпелага(ай).

Як распазнаць сталкінг?

  • Пастаянныя і неадчэпня спробы зносін: чалавек не спыняе намаганняў уступіць у кантакт, нягледзячы на відавочную адмову.
  • Неабгрунтаваная ўвага: калі пераследнік(ца) становіцца апантаным чалавекам, выяўляючы занадта шмат цікавасці да чужога жыцця.
  • Парушэнне асабістых меж: сталкер(ка) можа спрабаваць умешвацца ў асабістае жыццё пераследуемага(ай).

Прыкметы сталкінга

Непажаданыя кантакты. Настойлівыя тэлефанаванні, пастаянныя сустрэчы ў горадзе, частыя паведамленні ці візіты ў месцы, дзе вы часцяком бываеце. Сталкер(ка) можа сачыць за вамі, пераследуючы на вуліцы, прыязджаць у месцы, якія вы наведваеце, ці нават усталёўваць прылады для назірання (напрыклад, праз GPS).

Запалохванне. Пераследнік(ца) можа пагражаць фізічным гвалтам альбо псіхалагічным уздзеяннем, каб выклікаць у вас страх.

Псіхалагічны ціск. Сталкер(ка) можа спрабаваць маніпуляваць вамі, напрыклад прымушаць адчуваць віну ці неспакой, выкарыстоўваючы асабістую інфармацыю.

Пераслед у інтэрнэце. Частыя і настойлівыя званкі і паведамленні. Калі вы заблакіравалі чалавека, ён (яна) можа выкарыстоўваць фэйкавыя акаўнты для далейшага пераследу ці проста назірання за вамі.

Умяшанне ў жыццё і спроба кантраляваць. Сталкер(ка) можа намагацца стаць часткай вашага жыцця, напрыклад умешваецца ў вашу працу, асабістыя адносіны або сямейныя стасункі.

Дакучлівыя падарункі Пастаянныя спробы падараваць нешта нягледзячы на адмову іх прымаць - гэта таксама адзін з відаў псіхалагічнага ціску.

Як сталкінг уплывае на псіхічны стан пераследуемага(ай)?

Сталкінг - гэта не проста пераслед, але і магутны псіхалагічны ціск, адзначае псіхолаг ініцыятывы, якая аказвае дапамогу пацярпелым ад гвалту.

Пастаяннае ўмяшанне ў асабістае жыццё прыводзіць да адчування напружанасці, няўпэўненасці ва ўласнай бяспецы і пагрозе дабрабыту. Гэтыя перажыванні часта суправаджаюцца высокім узроўнем трывогі, які з часам перарастае ў дэпрэсію ці нават посттраўматычныя стрэсавыя расстройствы (ПТСР).

Непрадказальнасць паводзін пераследніка(цы) стварае пастаянны стрэс, узмацняючы пачуццё бездапаможнасці і страхі пацярпелага(ай).

Чалавек, якога падверглі сталкінгу, часта адчувае сябе ізаляваным(ай), адчувае недавер як да навакольных, так і да самога(ой) сабе.

Сутыкнуўшыся з пагрозамі, пераследуемыя часта вымушаны рабіць пэўня захады: пазбягаць агрэсара, хавацца, пераязджаць, а часам нават мяняць прозвішча. Асобныя цяжкасці ўзнікаюць, калі ў пацярпелага(ай) ёсць дзеці. Пераследнікі могуць выкарыстоўваць дзяцей для ціску, у тым ліку маніпуляцыі і гвалту.

Страхі

Пацярпелыя ад сталкінгу людзі адчуваюць шмат трывог і страхаў:

  • боязь, што праследавальнік з'явіцца каля дома, на працы, забярэ дзяцей з садка ці школы і звядзе іх у невядомым напрамку;
  • што сталкер можа нашкодзіць у сацсетках, выкарыстоўваючы хлусню і паклёп, падаючы скажоную і недакладную інфармацыю;
  • страх будучыні, паколькі пацярпелыя ніколі не ведаюць, што іх чакае з боку пераследніка(цы). Агрэсары могуць сапсаваць маёмасць ці нават нашкодзіць сваякам.

Прыклад з практыкі псіхолага: жанчына, якая з'ехала з горада, стала аб'ектам помсты. Пераследнік разбіваў вокны ў кватэры яе маці, праколваў шыны аўтамабіля сястры, настойліва тэлефанаваў сябрам і сваякам, патрабуючы, каб яна вярнулася.

Псіхалагічныя наступствы:

  • Трывога і стрэс: пацярпелыя сутыкаюцца з высокай ступенню трывожнасці; стрэс узмацняецца з-за непрадказальнасці дзеянняў агрэсара(кі) і адчування бяссілля перад ім (ёй).
  • Дэпрэсія і ПТСР: у многіх развіваецца дэпрэсія, а ў цяжкіх выпадках - посттраўматычнае стрэсавае расстройства.
  • Эмацыянальная ізаляцыя: пачуццё бездапаможнасці, замкнёнасць, падазронасць і недавер да навакольных - звычайны стан для тых, хто не змог падзяліцца з блізкімі сваёй гісторыяй і не атрымаў падтрымкі.

Сярод фізічных і кагнітыўных праяў: бессань, зніжэнне працаздольнасці, пагаршэнне памяці і ўвагі. Гэта робіць пацярпелых менш эфектыўнымі ў іх паўсядзённай дзейнасці.

Якія юрыдычныя спосабы абароны існуюць у Беларусі?

У Беларусі заканадаўства пакуль не змяшчае асобнага артыкула, які датычыцца сталкінгу, адзначае юрыстка ініцыятывы, што дапамагае пацярпелым ад гвалту. Адсутнасць закона аб пераследзе стварае сур'ёзныя цяжкасці ў абароне пацярпелых. Дзеянні пераследнікаў часта застаюцца беспакаранымі, калі яны не парушаюць дзеючыя законы.

Прыклады:

  • Пастаянныя званкі і паведамленні ў месэнджарах не з'яўляюцца каральнымі.
  • Адпраўка інтымных фатаграфій можа быць кваліфікавана як распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў.
  • Калі сталкер(ка) увесь час знаходзіцца каля дома альбо працы пераследуемага(ай), увесь час ходзіц за ім (ёй), гэта таксама не будзе пакарана.
    Аднак калі ён (яна) пачне хапацца за чалавека, якога пераследуе, абражаць або выкарыстоўваць нецэнзурную лексіку публічна, агрэсара(ку) можна прыцягнуць да адказнасці за цялесныя пашкоджанні, абразу ці дробнае хуліганства.

Калі пацярпелы сутыкаецца з пераследам, ён можа звярнуцца ў міліцыю. Аднак у большасці выпадкаў, калі няма непасрэдных парушэнняў Крымінальнага кодэкса альбо Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, справа не будзе ўзбуджана. Тым не менш факт зносін з праваахоўнымі органамі часам дапамагае адпудзіць сталкера(ку).

Што можна зрабіць?

З юрыдычнага пункту гледжання пацярпеламу(ай) рэкамендуецца:

  1. Збіраць доказы супрацьпраўных дзеянняў сталкера(кі) (скрыншоты паведамленняў, запісы тэлефанаванняў, аўдыёзапісы абраз і г.д.). Гэтыя матэрыялы прыдадуцца пры звароце ў міліцыю.
  2. Распавядаць пра сітуацыю людзям, вартым даверу. Гэта важна на выпадак экстраных сітуацый, калі сталкінг перарасце ў больш небяспечныя дзеянні.

Ці ёсць у Беларусі арганізацыі, што дапамагаюць людзям, якія сутыкнуліся са сталкінгам?

На жаль, у Беларусі пакуль не існуе спецыялізаваных службаў, якія даюць дапамогу людзям, што сутыкнуліся са сталкінгам.

Аднак калі вы патрапілі ў такую сітуацыю, вы можаце звярнуцца па інфармацыю ці дапамогу на гарачую лінію Службы «Адно Акно».

За псіхалагічнай, прававой і інфармацыйнай падтрымкай варта напісаць у бот альбо патэлефанаваць на гарачую лінію ініцыятывы Oliviahelp. Спецыялісткі дапамагаюць прааналізаваць страхі, прасачыць сітуацыю, а таксама распрацаваць план бяспекі.

Юрыдычную і псіхалагічную дапамогу аказвае таксама ініцыятыва Яна/Ёй.

Што рабіць, каб засцерагчы сябе?

Каб засцерагчы сябе ад сталкера(кі), важна прыняць меры асабістай бяспекі.

  • Не кантактуйце з пераследнікам(цай): ігнаруйце званкі, паведамленні і заблакуйце агрэсара(ку) ў сацыяльных сетках, месэнджарах, занясіце нумар яго (яе) тэлефона у чорны спіс. Пазбягайце месцаў, дзе ён (яна) можа вас чакаць.
  • Збірайце доказы пераследу: запісвайце даты, час і дэталі ўсіх інцыдэнтаў. Захоўвайце скрыны паведамленняў, запісы званкоў, фіксуйце сачэнне і збірайце любыя іншыя пацвярджэнні.
  • Праверце сваю лічбавую бяспеку: абнавіце паролі, усталюйце двухфактарную аўтэнтыфікацыю, праверце налады канфідэнцыйнасці ў сацыяльных сетках і абмяжуйце доступ да вашай інфармацыі; не публікуйце звесткі пра сваё месцазнаходжанне.
  • Інфармуйце блізкіх: папярэдзьце сяброў, калег і блізкіх пра тое, што вы сутыкнуліся з пераследам. Паведамляйце ім пра небяспечныя сітуацыі, а таксама вызначце кодавыя словы для экстранай сувязі.
  • Забяспечце фізічную бяспеку: змяніце звыклыя маршруты руху, купіце сродкі абароны, напрыклад пярцовы балончык. Дадаткова можна ўсталяваць камеры назірання або сістэмы бяспекі дома.
  • Атрымайце прафесійную падтрымку: звяжыцеся з арганізацыямі, якія аказваюць  дапамогу, а таксама разгледзьце магчымасць звароту да псіхолага.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...