Пазбаўленне бацькоўскіх правоў у Беларусі: што важна ведаць?

lishenie-roditelskih-prav-Belarus.jpg
У гэтым артыкуле чытайце:

У гэтым артыкуле мы разгледзім асноўныя юрыдычныя аспекты працэдуры пазбаўлення правоў аднаго з бацькоў па ініцыятыве другога.

Што разумеецца пад бацькоўскімі правамі?

Кожнае непаўналетняе дзіця мае права жыць у сям'і, ведаць абодвух сваіх бацькоў, разлічваць на іх догляд. У першую чаргу менавіта ў яго (яе) інтарэсах бацькам даюцца пэўныя паўнамоцтвы, якія называюць бацькоўскімі правамі.

Бацькі могуць выхоўваць дзіця, прымаць за яго некаторыя рашэнні, распараджацца яго маёмасцю. Але, нягледзячы на слова "правы", у дадзенае паняцце ў большай ступені ўваходзяць іх абавязкі па стварэнні неабходных умоў для росту і развіцця дзяцей. Гэта, напрыклад, клопат пра здароўе, нагляд, навучанне, абарона законных інтарэсаў і да т.п.

Калі бацькоўскія правы выкарыстоўваюцца на шкоду дзіцяці, то магчыма іх страта – хоць такая мера ў галіне сямейна-прававой адказнасці лічыцца выключнай. Яна ўжываецца толькі пры ўсвядомленых, вінаватых і супрацьзаконных паводзінах бацькоў. Пры гэтым самі яны адмовіцца ад бацькоўскіх правоў не могуць.

У якіх выпадках магчымае пазбаўленне бацькоўскіх правоў?

Адзін(на) з бацькоў можа быць пазбаўлены(а) бацькоўскіх правоў у адносінах да непаўналетняга дзіцяці, калі ён (яна):

  • ухіляецца ад выканання адпаведных абавязкаў;
  • злоўжывае сваімі правамі;
  • жорстка абыходзіцца з дзіцем;
  • вядзе амаральны лад жыцця, што шкодна адбіваецца на дзіцяці.

Першае можа выяўляцца ў адсутнасці клопату пра асноўныя жыццёвыя запатрабаванняі дзіцяці, у т.л. пра яго (яе) маральнае і фізічнае развіццё, здароўе, навучанне, падрыхтоўку да працоўнай дзейнасці, грашовае ўтрыманне. Пры гэтым не надаецца значэння таму, што другі(ая) з бацькоў ці блізкія клапоцяцца пра матэрыяльны дабрабыт дзіцяці.

Ухіленнем ад выхавання лічыцца і адмова без уважлівай прычыны ад пражывання з дзіцём.

Пад злоўжываннем бацькоўскімі правамі разумеецца іх выкарыстанне ў шкоду інтарэсам дзяцей. Гэта можа быць, напрыклад, стварэнне перашкод у навучанні, уцягванне ў дзейнасць, якая носіць антыграмадскі характар (жабраванне, ужыванне алкагольных напояў і наркатычных рэчываў і да т.п.).

Жорсткае абыходжанне можа праяўляцца як у фізічным гвалце (пабоі, ужыванне цялесных пакаранняў, катаванне, пазбаўленне волі, эксплуатацыя дзіцяці, замах на палавую недатыкальнасць), так і псіхічным (падаўленне волі, выкліканне страху, знявага, абраза, пагрозы). Яно магчыма і ў форме бяздзейнасці, напрыклад пакіданне без ежы, вады, адзення, жылля. Таксама сюды адносяцца выпадкі, калі ад дзіцяці патрабуюць нешта, што не адпавядае яго ўзросту і магчымасцям.

Увага! Калі факт жорсткага абыходжання з дзіцем даведзены, бацькі могуць несці не толькі сямейна-прававую адказнасць, але і адміністрацыйную, і крымінальную.

Амаральны лад жыцця выяўляецца ў бытавым п'янстве, у занятку дзейнасцю, якая спалучаецца з сэксуальнай эксплуатацыяй, у здзяйсненні злачынстваў і ў іншых антыграмадскіх учынках.

Асобнай падставай для пазбаўлення бацькоўскіх правоў з'яўляецца такое крымінальнае злачынства, як уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны. Калі ж аднаго(ую) з бацькоў асудзілі за іншае, для пазбаўлення правоў неабходныя сведчанні яго (яе) шкоднага ўздзеяння на дзяцей.

Не могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў асобы, якія не выконваюць бацькоўскія абавязкі міжволі. Напрыклад, у іх ёсць хранічнае захворванне, у т.л. псіхічнае, ці ўзніклі іншыя абставіны, якія не залежаць ад іх, але перашкаджаюць рабіць сваю справу. Аднак паводле беларускага заканадаўства ёсць выключэнне з гэтага правіла для асоб з алкагольнай альбо наркатычнай залежнасцю.

Пазбаўленне бацькоўскіх правоў магчыма толькі ў адносінах да канкрэтнага дзіцяці. Гэта азначае, што калі ў сям'і некалькі дзяцей, скарыстаннне гэтай меры ў адносінах да аднаго(ай) з іх не цягне аўтаматычнага спынення бацькоўскіх правоў у адносінах да іншых. Таму магчымыя сітуацыі, пры якіх рашэнне суда можа быць вынесена ў адносінах не ўсіх дзяцей.

І, нарэшце, нельга пазбавіць бацькоўскіх правоў у адносінах да дзіцяці, што яшчэ не нарадзілася, бо па такім пытанні можа разбірацца толькі сітуацыя, якая склалася рэальна, а не гіпатэтычная.

Як выконваецца працэдура пазбаўлення?

Дзеці могуць быць адасобленыя ад сваёй сям'і супраць волі бацькоў толькі на падставе рашэння суда.

Справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў разглядаюцца ў рамках іскавога выканання. Іск мае права падаць адзін(на) з бацькоў, апякун, пракурор, орган апекі, камісія альбо інспекцыя па справах непаўналетніх, іншыя арганізацыі, якія маюць паўнамоцтвы на абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Іншым арганізацыям, а таксама грамадзян(кам), якім стала вядома пра парушэнні правоў дзіцяці, трэба паведаміць пра тое праваахоўнікам.

Па агульным правіле іск падаецца як па месцы жыхарства адказчыка(цы) (г.зн. таго з бацькоў, у адносінах да якога(ай) распачата працэдура пазбаўлення правоў), так і па месцы жыхарства істца. Пры падачы прыдадуцца наступныя дакументы:

  • заява, у якой даводзіцца падстава іску аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў;
  • пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (яго копія);
  • акты абследавання ўмоў жыцця дзяцей;
  • заключэнне органа апекі, якое зацверджваецца яго кіраўніком;
  • усе паперы, што маюць дачыненне да разглядаемай справы: міліцэйскія пратаколы, пастановы следчых органаў, копіі прысудаў судоў, характарыстыкі, пісьмовая заява аб адмове ад дзіцяці і г.д.;
  • калі адказчык(ца) мае алкагольную ці наркатычную залежнасць – адпаведныя медыцынскія дакументы;
  • звесткі пра заробак або іншыя даходы;
  • іншыя магчымыя доказы.

Увага! Іскавыя заявы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў вызвалены ад дзяржаўнай пошліны.

Пры адасобленым пражыванні дзіцяці і адказчыка(цы) акты абследавання ўмоў жыцця складаюцца па кожным месцы жыхарства.

У мэтах усебаковага высвятлення абставін справы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў як правіла разглядаюцца з удзелам адказчыкаў(чыц). У выпадку, калі яго (яе) яўка патрабуецца абавязкова, а ён (яна) не прыйшоў(ла) на пасяджэнне, суд мае права прымусова прывесці яго (яе), а пры адсутнасці звестак пра месца знаходжання – і аб'явіць вышук.

Таксама з'яўляецца абавязковым удзел у справе пракурора і прадстаўнікоў(ніц) органа апекі.

Можа ўзнікнуць такая сітуацыя, што адказчык(ца) пасля пачатку працэсу вырашыць змяніць свае паводзіны. Ён (яна) нават можа падаць хадайніцтва аб спыненні ў сувязі з гэтым судовага выканання. У прынцыпе гэта магчыма, але толькі пры наяўнасці вельмі важкіх доказаў, і ў абавязкі суда ўваходзіць іх атрыманне.

Калі суддзя ў працэссе выявіць у дзеяннях адказчыка(цы) прыкметы злачынства, ён (яна) паведамляе пра гэта пракурору для вырашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Якія ёсць наступствы пазбаўлення бацькоўскіх правоў?

Страчваюцца ўсе правы, заснаваныя на факце сваяцтва. Гэта тычыцца і таго, што можна атрымаць ад ужо дарослага, дзеяздольнага дзіцяці: утрыманне ў старасці, права на спадчыну і г.д.

Той (тая(, хто быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў, не можа быць апекуном, папячыцелем ці ўсынавіцелем.

Другі з бацькоў пры гэтым прызнаецца адзінокім(ай) – адпаведна, згодна з заканадаўствам ён (яна) атрымлівае пэўныя льготы і гарантыі.

Так, адзінокай маці дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў (дзіцяці з інваліднасцю – да 18) нельга адмаўляць у заключэнні працоўнай дамовы і зніжаць заработную плату. Калі ўсё ж такое здарылася, наймальнік(ніца) абавязаны(на) паведаміць прычыну гэтага ў пісьмовай форме. Адмова можа быць абскарджана ў судзе.

З адзінокімі маці, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў, нельга скасаваць працоўны дагавор з-за:

  • скарачэння штата;
  • неадпаведнасці работніцы пасадзе (прафесіі) альбо працы, якую яна выконвае, з прычыны стану здароўя ці недастатковай кваліфікацыі;
  • адсутнасці на працы на працягу больш за 4 месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці.

Частка даходу бацькоў да дасягнення дзіцем паўналецця не абкладаецца падаходным падаткам. Такі стандартны падатковы вылік на канец 2024 г. для самотнай маці (самотнага бацькі) складае 97 руб. на кожнае дзіця. Для атрымання льготы падаецца заява па асноўным месцы працы (службы, вучобы) або ў падатковы орган па месцы жыхарства. Да заявы прыкладаюцца копіі пасведчання аб нараджэнні дзіцяці і дакумента, які пацвярджае статус самотнай маці (самотнага бацькі).

Калі дзіця носіць прозвішча таго з бацькоў, хто быў пазбаўлены правоў, другі можа пажадць змяніць яго. Для гэтага неабходна напісаць заяву ў мясцовы выканаўчы орган, да якой прыкладаецца пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, яго (яе) пісьмовая згода (калі яму (ёй) больш за 10 гадоў), а таксама копія рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

Адзначым, што той з бацькоў, чыё прозвішча носіць дзіця, ставіцца ў вядомасць аб хадайніцтве пра яго змену, і яго меркаванне разам з іншымі абставінамі можа ўлічвацца органамі апекі.

Калі непаўналетняе дзіця выязджае з Беларусі ў суправаджэнні толькі аднаго з бацькоў, згода другога(ой) не патрабуецца. Але калі ён выязджае ў суправаджэнні трэцяй асобы, г.зн. без бацькоў, то ад іх абодвух спатрэбіцца пісьмовая згода на гэта. У выпадку ж пазбаўлення аднаго з іх бацькоўскіх правоў яго (яе) згода не патрабуецца, проста трэба ўзяць з сабой копію рашэння суда.

А што наконт аліментаў?

Пазбаўленне бацькоўскіх правоў не вызваляе ад абавязкаў па ўтрыманні дзяцей. Суд абавязаны растлумачыць зацікаўленай асобе яго (яе) права на спагнанне аліментаў – зразумела, акрамя выпадкаў, калі яны ўжо выплачваюцца.

Аліменты падлягаюць спагнанню з моманту падавання іску. Таксама яны могуць быць спагнаны і за мінулы час, але не больш як за 3 папярэднія гады, калі судом было вызначана, што да падачы іску прымаліся меры да здабывання сродкаў на ўтрыманне дзіцяці, але яны не былі атрыманы.

Патрабаванне пра аліменты не абавязкова ўключаць у справу аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, для гэтага можна распачаць іншую судовую вытворчасць.

Ці можна пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў мець зносіны з дзіцём?

Папячыцель па просьбе асобы, што была пазбаўлена правоў, можа як дазволіць яму (ёй) зносіны з дзіцём, так і адмовіць у гэтым.

У выпадку адмовы застаецца права звярнуцца ў орган апекі, і там разгледзяць пытанне, ці адпавядаюць такія зносіны інтарэсам дзіцяці.

У рашэнні органа апекі ўказваюцца час, месца і парадак зносін. Пры гэтым улічваецца жаданне дзіцяці, якое дасягнула 10 гадоў.

У выпадку нязгоды з рашэннем органа апекі спрэчка вырашаецца ў судовым парадку.

Ці магчыма аднаўленне ў бацькоўскіх правах?

Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей, і пры гэтым яны не ўсыноўлены.

Правы аднаўляюцца толькі ў судовым парадку па іску. Пры гэтым падаваць заяву можна не раней як па заканчэнні 6 месяцаў з дня пачатку дзеяння рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

Іскі разглядаюцца з абавязковым удзелам пракурора і прадстаўніка(цы) органа апекі. Улічваецца і меркаванне дзіцяці, а калі яму больш за 10 гадоў, то неабходна яго (яе) згода. Пры гэтым суд не мае права распытваць дзіця ў якасці сведкі. Яго (яе) меркаванне высвятляюць у асабістай гутарцы, што праводзіцца з улікам узросту і развіцця дзіцяці, у прысутнасці педагога, у абстаноўцы, якая выключае ўплыў на яго (яе) зацікаўленых асоб. Па выніках гутаркі суддзя складае даведку і далучае яе да матэрыялаў справы.

Пры разглядзе іска аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах суду неабходна праверыць, ці змяніліся паводзіны і лад жыцця асобы, што была іх пазбаўлена, і высветліць яго (яе) адносіны да выхавання дзяцей.

Дазваляючы аднаўленне ў бацькоўскіх правах, суд павінен атрымаць ад органа апекі акт абследавання жыллёва-бытавых умоў жыцця бацькі (маці) і заключэнне аб магчымасці выхавання дзіцяці ў яго (яе) сям'і. Гэтыя дакументы ацэньваюцца ў сукупнасці з іншымі матэрыяламі справы.

Адначасова з аднаўленнем у бацькоўскіх правах падлягае разгляду і іск той жа асобы аб перадачы яму дзіцяці на выхаванне.

Нарматыўна-прававая база:

  • арт. 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 68, 75, 80-84 і 109 Кодэкса аб шлюбе і сям'і;
  • арт. 47, 61, 149, 164, 169, 243 і 273 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса;
  • арт. 173 Крымінальнага кодэкса;
  • арт. 1, 42 і 268 Працоўнага кодэкса;
  • арт. 209 і 285 Падатковага кодэкса;
  • арт. 15 Закона ад 19.11.1993 г. № 2570-XII "Аб правах дзіцяці";
  • арт. 13 Закона ад 20.09.2009 г. № 49-З "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь";
  • пп. 1–3, 7–9, 12, 13, 15, 16, 20, 21 і 23–26 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 26.09.2002 г. № 7 "Аб судовай практыцы па справах аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў";
  • п. 4.9 Пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам ад 26.04.2010 г. № 200.

Чытайце таксама:

Логотип Інфармацыя на сайце сабрана з адкрытых крыніц. Калі вы знайшлі памылку ці даведаліся, што інфармацыя больш не актуальная - паведамце нам, калі ласка, праз наш чат.

Даведкавы цэнтр:

...