У гэтым артыкуле чытайце:
- Што такое сямейны капітал?
- Хто можа атрымаць?
- Якія дакументы варта падрыхтаваць?
- Як атрымаць сямейны капітал?
- На што і калі можна выдаткаваць?
- Як аформіць датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу?
Што такое сямейны капітал?
З 01.01.2015 г. па 31.12.2029 г. сем'ям пры нараджэнні (ўсынаўленні, удачарэнні) трэцяга альбо наступных дзяцей прызначаецца аднаразовая дзяржаўная падтрымка ў форме безнаяўных грашовых сродкаў, якая называецца сямейным капіталам.
Увага! Часам такую грашовую дапамогу называюць "мацярынскім капіталам", але ў заканадаўстве ён усё ж азначаецца як "сямейны".
Памер гэтай падтрымкі вызначаецца на пэўны год. Так, калі трэцяе дзіця нарадзілася з 01.01.2024 г. па 31.12.2024 г., выплата складзе 31480 руб. Суму сямейнага капіталу на 2025 г. Мінпрацы абавязана размясціць на сваім афіцыйным сайце не пазней за 31 студзеня 2025 г.
Хто можа атрымаць сямейны капітал?
Сям'я можа атрымаць сямейны капітал, калі ў ёй:
- выхоўваецца не менш за траіх дзяцей да 18 гадоў;
- маці ў поўнай сям'і (адзин з бацькоў у няпоўнай), усынавіцель (удачарыцель) – грамадзянка(нін) Беларусі і ўвесь час у ёй пражывае;
- дзеці таксама стала пражываюць у Беларусі;
- дзеці не знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не адабраны па рашэнні суда (іншага органа), бацька (маці) ці ўсынавіцель (удачарыцель) не пазбаўлены бацькоўскіх правоў;
- бацька ў поўнай сям'і (іншы з бацькоў у няпоўнай) заняты на працы не менш за 6 месяцаў у цэлым за апошні год перад месяцам, у якім пададзена заява аб прызначэнні капіталу.
Усыноўленае дзіця ўлічваецца для прызначэння названай дапамогі толькі калі адначасова:
- дата яго (яе) нараджэння не раней за 01.01.2015 г.;
- ён (яна) не з'яўляецца пасынкам (падчаркай) усынавіцеля (удачарыцеля).
Калі бацькі разведзены або не былі ў шлюбе і пражываюць паасобна, то дзеці ўлічваюцца з той сям'і, у якой выхоўваюцца. Гэта значыць адно дзіця не можа лічыцца двойчы.
У поўнай сям'і дапамога прызначаецца маці (мачасе), у няпоўнай – аднаму з бацьоў. Калі ж па якой-небудзь з названых вышэй прычын маці (мачаха) такога права не мае (напрыклад, не грамадзянка Беларусі), сямейны капітал налічаць бацьку (айчыму) на тых жа ўмовах.
Увага! Сямейны капітал можна атрымаць толькі адзін раз.
Якія дакументы варта падрыхтаваць?
Незалежна ад таго, поўная сям'я ці не, спатрэбяцца пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей (іншыя дакументы, якія сведчаць іх асобы) альбо копіі рашэнняў суда аб іх усынаўленні, а таксама пашпарт заяўніка(цы).
Поўная сям'я падае таксама:
- пасведчанне аб шлюбе бацькоў;
- пасведчанне асобы мужа (жонкі) заяўніка(цы) – пашпарт, від на жыхарства або пасведчанне ўцекача;
- пацвярджэнне занятасці бацькі – гэта можа быць працоўная кніжка, даведка з месца працы, пасведчанне аб рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і выплаце падаткаў з даходаў і да т.п.
Няпоўнай сям'і спатрэбяцца:
- пасведчанне ці копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб смерці другога з бацькоў;
- пагадненне аб дзецях, і (ці) шлюбны дагавор, і (ці) пагадненне аб выплаце аліментаў – калі яны падпісваліся;
- копія рашэння суда, якім вызначана, з кім з бацькоў пражываюць дзеці;
- пацвярджэнне занятасці аднаго з бацькоў;
- даверанасць – калі за прызначэннем звяртаюцца не асабіста, а праз прадстаўніка.
Як атрымаць сямейны капітал?
Для прызначэння разглядаемай дапамогі на працягу 18 гадоў з дня нараджэння трэцяга альбо наступнага дзіцяці трэба звярнуцца ў выканкам па месцы рэгістрацыі. Там члену сям'і, які мае права на атрыманне сямейнага капіталу, неабходна напісаць заяву і прыкласці да яе падрыхтаваныя дакументы.
Выканкам разгледзіць заяву на працягу месяца і прыме рашэньне. Пасля гэтага ў 5-дзённы тэрмін прыйдзе апавяшчэнне аб прызначэнні дапамогі ці аб адмове ў гэтым.
Рашэнне выканкама аб адмове можна абскардзіць у вышэйстаячым выканкаме. Калі ж і рашэнне вышэйстаячага органа вы палічыце неабгрунтаваным, можаце звярнуцца ў суд.
Далей спатрэбіцца копія рашэння выканкама. Яе вам не вышлюць, трэба звярнуцца асабіста ці праз прадстаўніка. Атрымаць копію мае права не толькі той, хто падаваў заяву, але і ўсе паўналетнія чальцы сям'і.
Пасля атрымання копіі неабходна адкрыць дэпазітны рахунак "Сямейны капітал". Гэта можна зрабіць толькі ў "Беларусбанку", прычым не ў любым яго аддзяленні, а толькі ва ўказаным у рашэнні выканкама.
У аддзяленні банка папросяць напісаць заяву аб адкрыцці рахунку, а таксама спатрэбяцца пашпарт і копія рашэння выканкама. Рахунак адкрываюць непасрэдна ў дзень звароту. Банк залічыць на яго сродкі сямейнага капіталу і будзе налічваць працэнты.
Гэтыя сродкі (у т.л. працэнты) не падлягаюць спадчыне, але затое яны вызвалены ад падаходнага падатку, а таксама на іх не можа быць накладзена спагнанне альбо арышт.
На што і калі можна выдаткаваць?
Калі дзіцяці, у сувязі з нараджэннем якога атрыманы сямейны капітал, споўніцца 18 гадоў, можна патраціць гэтыя грошы на:
- паляпшэнне жыллёвых умоў (будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё дамоў, кватэр, пагашэнне запазычанасці па крэдытах на будаўніцтва і рамонт, а таксама выплату працэнтаў па іх);
- атрыманне адукацыі ў дзяржаўных і прыватных установах адукацыі любога тыпу (віду);
- медыцынскую дапамогу;
- набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства людзей з інваліднасцю;
- сацыяльныя паслугі ў форме стацыянарнага абслугоўвання;
- фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям'і (аднаго з бацькоў у няпоўнай), усынавіцеля (удачарыцеля).
На некаторыя мэты сродкі могуць быць скарыстаны датэрмінова, г.зн. незалежна ад часу, што прайшоў з даты прызначэння сямейнага капіталу. У іх таксама ўваходзіць паляпшэнне жыллёвых умоў, а таксама:
- атрыманне на платнай аснове членам сям'і вышэйшай альбо сярэдняй адукацыі ў дзяржаўных установах, установах спажывецкай кааперацыі і федэрацыі прафсаюзаў;
- платныя медыцынскія паслугі, якія аказваюцца дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя (у т.л. стаматалагічныя);
- набыццё іншых медыцынскіх вырабаў замест тых, што уключаны ў Рэспубліканскі фармуляр медыцынскіх вырабаў пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі, артапедыі і (ці) іншых лекаў замест тых, што уваходзяць у Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў;
- набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі людзей з інваліднасцю (з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарату).
Датэрмінова выкарыстоўваць можна як усе сродкі сямейнага капіталу, так і іх частку.
На іншыя мэты, акрамя вызначаных заканадаўствам, выдаткаваць гэтыя сродкі нельга.
Як аформіць датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу?
Каб атрымаць дазвол на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу, прыдадуцца наступныя дакументы:
- пасведчанне асобы;
- рашэнне аб прызначэнні капіталу ці яго копія;
- пашпарт ці пасведчанне аб нараджэнні таго члена сям'і, на карысць якога будуць выдаткаваны сродкі;
- звесткі, якія пацвярджаюць занятасць бацькі ў поўнай сям'і ці аднаго з бацькоў у няпоўнай;
- даверанасць на права распараджэння сямейным капіталам праз прадстаўніка (пры наяўнасці такога);
- дакументы ў залежнасці ад мэт, на якія вы хочаце выдаткаваць сродкі (напрыклад, для куплі жылля – зарэгістраваны дагавор куплі-продажу, выплаты працэнтаў – крэдытны дагавор і г.д.).
Могуць папрасіць і іншыя дакументы. Напрыклад, калі адзін з чальцоў сям’і змяніў прозвішча, трэба пацвярджэнне сваяцтва і да т.п.
Калі бацька ў поўнай сям'і (адзін з бацькоў у няпоўнай) працаваў менш за 12 месяцаў за апошнія 2 гады, у датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам адмовяць.
Можна на выбар звярнуцца ў выканкам ці па месцы прызначэння сямейнага капіталу, ці па месцы рэгістрацыі. Там неабходна напісаць заяву па вызначанай форме і прыкласці да яе падрыхтаваныя дакументы.
Выканкам разгледзіць заяву і на працягу месяца прыме рашэнне, аб якім паведаміць у 5-дзённы тэрмін.
Гэтак жа, як і пры атрыманні сямейнага капіталу, за копіяй рашэння давядзецца з'явіцца асабіста каму-небудзь з паўналетніх чальцоў сям'і. І гэтак жа рашэнне аб адмове вы маеце права абскардзіць у вышэйстаячым органе або ў судзе.
Каб "Беларусбанк" пералічыў грошы будаўнічай арганізацыі, навучальнай ці медыцынскай установе, на аплату тавараў для рэабілітацыі і да т.п., трэба падрыхтаваць адпаведныя дакументы:
- пасведчанне асобы;
- даверанасць (калі звяртаецеся праз прадстаўніка);
- копію рашэння выканкама аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам;
- дакументы ў адпаведнасці з мэтай выкарыстання сродкаў (могуць спатрэбіцца таксама іх копіі).
У банку пішацца заява аб выкарыстанні сямейнага капіталу. Яе форма залежыць ад мэты выкарыстання грошай.
Пасля звароту банк пералічыць грошы адпаведнай арганізацыі. Тэрмін пералічэння складае ад 31 да 41 каляндарнага дня.
Калі будзе выкарыстана не ўся пералічаная сума, астатак павінен быць вернуты на рахунак у банку.
Нарматыўна-прававая база:
- п. 1 Указа ад 18.09.2019 г. № 345 "Аб сямейным капітале";
- пп. 2, 3, 5, 8, 9, 22, 23 і 30 Палажэння аб выдзяленні сямейнага капіталу, якое зацверджана Указам ад 18.09.2019 г. № 345;
- пп. 2, 3, 51, 6, 9–11, 13, 17, 20, 30, 34, 37–39 і 44 Палажэння аб парадку і ўмовах прызначэння, фінансавання (пералічэння), распараджэння і выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, якое зацверджана пастановай Саўміна ад 24.02.2015 г. № 128;
- пп. 3, 4 і 6 Інструкцыі аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў, якая зацверджана пастановай Мінархітэктуры ад 31.03.2015 г. № 10;
- пп. 2–4 Інструкцыі аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі, якая зацверджана пастановай Мінадукацыі ад 20.03.2015 г. № 13;
- падп. 1.1 і 1.5 пастановы Міністэрства аховы здароўя ад 09.12.2019 г. № 115 "Аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне медыцынскай дапамогі";
- пп. 2–4 Інструкцыі аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі інвалідаў у грамадства, і п. 3 Інструкцыі аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, якая зацверджана пастановай Мінпрацы ад 31.03.2015 г. № 22 "Аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу";
- пп. 2.46 і 2.47 Пераліку адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, які зацверджы Указам ад 26.04.2010 г. № 200;
- ст. 183 і 186 Грамадзянскага кодэкса.
Чытайце таксама:
- Дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзіця з інваліднасцю
- Якія гарантыі і льготы ёсць у беларускіх маці і як іх атрымаць?
- Накапляльная пенсія ў Беларусі: як гэта працуе і якія гарантыі?