Выбары прэзідэнта ў 2025 г. ў Беларусі будуць адбывацца ў атмасферы татальных рэпрэсій. Любая праява нелаяльнасці зараз жорстка выкараняецца, таму калі вы вырашылі прыняць удзел у выбарчым працэсе, варта трымацца пэўных правіл бяспекі.
У гэтым артыкуле вы знойдзеце:
- Як паводзіць сябе на выбарчым участку?
- Як падрыхтаваць гаджэты перад паходам на выбарчы ўчастак?
- Ці можна фатаграфаваць бюлетэнь?
- Ці можна псаваць бюлетэнь у знак пратэсту?
- Ці можна вынесці бюлетэнь у знак пратэсту?
- Ці рызыкоўна галасаваць «супраць усіх»?
- Ці можна паказваць бюлетэнь назіральнікам(цам)?
- Ці бяспечна байкатаваць выбары?
- Жадаю паведаміць пра парушэнні, як гэта зрабіць бяспечна?
- Што рабіць, калі ў краіне адключылі інтэрнэт?
Як паводзіць сябе на выбарчым участку?
На выбарчым участку вельмі важна быць уважлівым і клапаціцца пра сваю асабістую бяспеку. Першым чынам пазбягайце наведвання ўчастку ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап'янення. Гэта зніжае здольнасць адэкватна ацэньваць сітуацыю, а таксама можа стаць нагодай для затрымання альбо прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
Не дэманструйце відавочна свае палітычныя погляды. Не надзявайце атрыбуты з нацыянальнай ці палітычнай сімволікай. А таксама не абмяркоўвайце шчыра свой палітычны пункт гледжання з незнаёмымі людзьмі.
Калі хтосьці спрабуе справакаваць вас на спрэчку або канфлікт, пастарайцеся стрымацца і пазбегнуць адкрытага супрацьстаяння, асабліва з тымі, з кім вы не згодныя. Памятайце, што любыя спрэчкі, нават калі яны здаюцца бяскрыўднымі, могуць прыцягнуць увагу супрацоўнікаў(іц) праваахоўных органаў, што знаходзяцца на ўчастку.
Калі вы карыстаецеся тэлефонам, рабіце гэта максімальна незаўважна і толькі пры неабходнасці. Адкрыта не дэманструйце, што вы здымаеце на камеру тое, што адбываецца. Калі вы сталі сведкам(ай) правакацыі ці парушэння, лепш зафіксаваць гэта непрыкметна для навакольных.
Не ўступайце ў канфлікты з членамі камісіі, назіральнікамі(цамі) альбо іншымі выбаршчыкамі(цамі) – гэта таксама нагода для ўвагі супрацоўніка міліцыі.
Не заставайцеся на ўчастку без прычыны, вы можаце выклікаць непатрэбныя падазрэнні. Таксама пазбягайце групавых сходаў: не збірайцеся як ля ўчастка, так і ў любым іншым месцы ў вашым населеным пункце. Гэта можа разглядацца як несанкцыянаванае мерапрыемства.
Калі да вас падышоў супрацоўнік(ца) міліцыі, захоўвайце самавалоданне і адказвайце спакойна, ветліва і коратка. Не давайце лішняй інфармацыі і не пачынайце спрэчак.
-
Як падрыхтаваць гаджэты перад паходам на выбарчы ўчастак?
Перад наведваннем участка для галасавання важна падрыхтаваць свае мабільныя прылады, каб мінімізаваць рызыкі затрымання. Вось што варта зрабіць:
Знішчыце інфармацыю ў сацсетках і месэнджарах. Выдаліце паведамленні ў пратэстных чатах, гісторыях, а таксама ачысціце кэш у Telegram. Прайдзіцеся па пастах і паведамленнях у Facebook, Instagram, VK і іншых сацсетках, каб выдаліць непажаданыя звесткі.
Праверце воблачныя сховішчы. Пераканайцеся, што фатаграфіі і відэа не захаваны аўтаматычна ў Google Photo, iCloud ці іншых аблоках.
Праверце падпіскі на каналы і гісторыю праглядаў у YouTube.
Ачысціце гісторыю браўзэра. Упэўніцеся, што ў браўзэры няма слядоў наведвання сайтаў, якія могуць выклікаць пытанні.
Праглядзіце фота і відэа на тэлефоне. Выдаліце ўсе медыяфайлы, якія могуць выклікаць падазрэнні, асабліва тыя, што звязаны з пратэстамі, Украінай і палітыкай.
Выдаліце кэш на прыладзе. Ачысціце ўсе часовыя і рэшткавыя файлы ў наладах.
Таксама можна скінуць настройкі тэлефона да завадскіх альбо скарыстацца новай прыладай, каб не пакінуць слядоў.
-
Ці можна фатаграфаваць бюлетэнь?
Фатаграфаваць ці здымаць на відэа запоўненыя бюлетэні катэгарычна забараняецца. Таксама нельга выносіць бюлетэні за межы ўчастка. Парушэнне гэтых правілаў згодна з Выбарчым кодэксам, які быў абноўлены ў 2023 г., вядзе да адміністрацыйнай адказнасці. У той жа час забароны на фота незапоўненага бюлетэня няма.
Забарона на фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня будзе зазначана ў ім самім – яго форму ўжо зацвердзіў ЦВК.
-
Ці можна псаваць бюлетэнь у знак пратэсту?
Псаваць бюлетэнь у знак пратэсту тэхнічна можна, паколькі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь няма непасрэднай забароны на падобныя дзеянні. Выбарчы кодэкс таксама не ўтрымлівае адпаведных палажэнняў, якія б адназначна трактавалі псаванне бюлетэня як парушэнне.
Аднак дэманстратыўнае псаванне бюлетэня, напрыклад на вачах у сябраў камісіі ці іншых выбаршчыкаў(ц), можа трактавацца як парушэнне правілаў агітацыі альбо правакацыяй. Хаця непасрэдна пакарання за гэта законам не прадугледжана, такія дзеянні могуць прыцягнуць увагу міліцыі. Таму, калі вы жадаеце выказаць пратэст, то лепей псаваць бюлетэнь у кабінцы, без лішняй увагі.
-
Ці можна вынесці бюлетэнь у знак пратэсту?
У абноўленым Выбарчым кодэксе ўстаноўлена дакладная забарона вынасу бюлетэня. За гэта згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях можна атрымаць штраф да 15 базавых велічынь.
-
Ці рызыкоўна галасаваць «супраць усіх»?
Галасаванне «супраць усіх» дазволена заканадаўча, менавіта для гэтага і зроблены асобны квадрацік у бюлетэні.
-
Ці можна паказваць бюлетэнь назіральнікам(цам)?
Дэманстрацыя свайго выбару назіральнікам(цам) на выбарчым участку не з'яўляецца парушэннем закона, але гэта дзеянне можа быць расцэнена як агітацыя альбо парушэнне прынцыпу тайнага галасавання. Таму дэманстраваць свой выбар не рэкамендуецца.
Важна разумець, што ў 2025 г. назіральнікі(цы) на выбарчых участках у Беларусі, як правіла, не будуць незалежнымі. Значная частка з іх накіравана грамадскімі аб'яднаннямі, палітычнымі партыямі і працоўнымі калектывамі.
-
Ці бяспечна байкатаваць выбары?
У Беларусі можна не ісці на выбары, бо ўдзел у іх з'яўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна(кі). Заканадаўствам не прадугледжана адказнасць за няяўку выбаршчыка(цы) на ўчастак. Гэта значыць, што юрыдычна байкот выбараў, то бок адмова ад удзелу, не ёсць парушэньнем закону і не цягне ніякіх наступстваў.
-
Жадаю паведаміць пра парушэнні, як гэта зрабіць бяспечна?
Калі вы хочаце падзяліцца інфармацыяй пра парушэнні і знаходзіцеся ў Беларусі, калі ласка, стаўце сваю бяспеку ў прыярытэт – прыміце меры, каб мінімізаваць магчымыя наступствы для сябе, заклікаюць праваабаронцы «Вясны».
-
Перад адпраўкай падключыце VPN.
Праваабаронцы раяць бясплатныя Psiphon і TunnelBear. Пры ўключаным VPN «Белтэлекам» не здолее ўбачыць, якія сайты вы наведваеце. -
Адкрыйце новае акно ў рэжыме інкогніта ў браўзэры Google Chrome або прыватнае акно ў браўзэры Firefox.
Гэта прадухіліць захаванне слядоў, якія звычайна застаюцца пры працы з сайтам на вашым камп'ютэры ці смартфоне (гісторыя, cookies, кэш). -
Пры ўключаным і актыўным VPN у рэжыме інкогніта ці прыватным акне адкрыйце форму для адпраўкі інфармацыі пра парушэнні.
Запоўніце і адпраўце яе. Пераканайцеся, што на момант запаўнення вы не аўтарызаваны ў сваім уліковым запісе Google, так як у адваротным выпадку чарнавік формы можа быць захаваны ў вашым акаўнце. -
Пасля адпраўкі формы зачыніце ўсе вокны ў рэжыме інкогніта альбо прыватныя вокны.
Толькі пасля гэтага з вашага камп'ютэра выдаляюцца сляды адпраўкі. -
Калі вы звязваецеся з «Вясной» праз Telegram:
- Ачысціце гісторыю паведамленняў з вашага боку.
- Выдаліце кантакт/чат/бота пасля зносін.
- Лепш за ўсё стварыць і выкарыстоўваць асобны акаўнт Telegram для такой камунікацыі, а затым выдаліць яго поўнасцю.
-
Калі вы адпраўляеце праваабаронцам email:
- Рэкамендуецца выкарыстоўваць асобную «чыстую» паштовую скрыню, якую трэба загадзя стварыць.
- Пасля адпраўкі ліста выдаліце яго з тэчкі «Адпраўленыя».
- Калі вы адпраўляеце вялікія файлы праз Google Дыск, то пасля таго, як праваабаронцы пацвердзяць, што яны спампаваны і захаваны, выдаліце іх з вашага Google Дыска і ачысціце кошык.
-
Выдаліце арыгіналы фатаграфій і дакументаў, якія вы перадалі праваабаронцам, са сваіх прылад.
- Ачысціце кошык.
- Добрай ідэяй будзе ачысціць гісторыю апошніх файлаў, з якімі вы працавалі, з дапамогай праграм накшталт CCleaner. Гэта дапаможа схаваць рэшткі адпраўленых файлаў і іх назвы (нават калі самі файлы ўжо выдалены і кошык ачышчаны).
-
Што рабіць, калі ў краіне адключылі інтэрнэт?
Не толькі дзеля бяспекі, але і ў выпадку адключэння інтэрнэту вам спатрэбяцца VPN-сэрвісы, якія могуць маскіраваць зашыфраваны трафік, выдаючы яго за звычайны. Усталюйце ўсё тыя ж бясплатныя Psiphon і TunnelBear, раяць праваабаронцы «Human Constanta».
Варта падрыхтавацца загадзя, бо ва ўмовах блакіровак можа ўзнікнуць сітуацыя, калі запампоўка новых праграм стане немагчымай (напрыклад, у выпадку блакіравання App Store). Каб пазбегнуць гэтага:
- Складзіце спіс патрэбных праграм і ўсталюйце іх загадзя
- Пратэсціруйце гэтыя прылады, каб у крытычны момант не губляць час на іх пошук і ўстаноўку
Для абыходу блакіровак месэнджараў таксама маюцца спецыяльныя інструменты:
- У Signal ёсць рэжым, арыентаваны на блакіроўку самой праграмы. Аднак калі блакіруецца ўвесь шыфраваны трафік, гэтая налада не дапаможа. Але пры мэтанакіраванай блакіроўцы Signal яна будзе эфектыўнай.
- У Telegram ёсць уласныч проксі-серверы (MTProxy) для абыходу блакіровак. Ёсць публічныя проксі-серверы, але такія серверы таксама могуць ствараць карыстальнікі(цы), а іх адрасы распаўсюджваюцца ў суполцы. Калі адзін проксі-сервер блакіруецца, з'яўляецца новы, што дазваляе працягваць выкарыстоўваць Telegram. Гэта робіць яго адным з найбольш эфектыўных мэсэнджараў ва ўмовах масавых абмежаванняў. Аднак важна памятаць, што з кожным новым узроўнем блакіровак могуць узнікаць праблемы з доступам, і спатрэбіцца рэгулярнае абнаўленне наладаў для працягу працы.
Адключэнне мабільнай перадачы дадзеных
Гэта таксама ўжо абкатаны ў 2020 г. сцэнар. Напрыклад, калі 3G або 4G сетка пераключалася на 2G, і ў такіх абставінах не было магчымасці перадаваць дадзеныя (тэксты праз месэнджэры, карцінкі і г.д.).
Пры такім сцэнары:
- Званкі і СМС будуць працаваць, але мабільны інтэрнэт будзе недаступны
- Праграмы на тэлефоне змогуць працаваць толькі ў афлайн-рэжыме
- Людзі, што знаходзяцца ў грамадскіх месцах, будуць моцна абмежаваныя ў доступе да інтэрнэт-рэсурсаў і змогуць выкарыстоўваць толькі тыя праграмы, якія не патрабуюць падлучэння да інтэрнэту
Калі стацыянарны інтэрнэт не будзе адключаны, можна скарыстацца Wi-Fi-сеткамі:
- Людзі, якія пражываюць на першых паверхах, могуць адкрыць свае Wi-Fi, каб з вуліцы можна было падлучыцца і атрымаць інфармацыю
- Выкарыстанне пароляў да Wi-Fi у розных кавярнях ці ўстановах таксама можа быць прыдатным для часовага аднаўлення доступу ў інтэрнэт.
Што рабіць пры адключэнні мабільнай перадачы дадзеных?
Адзін з варыянтаў абыходу абмежаванняў – выкарыстанне мэш-сетак альбо месэнджэраў, якія працуюць па прынцыпе мэш-сетак, такіх як Briar. Гэтыя праграмы выкарыстоўваюць Bluetooth для падлучэння да іншых тэлефонаў і перадачы інфармацыі. Калі на тэлефонах устаноўлены аднолькавыя месэнджэры, можна абменьвацца паведамленнямі.
- Мэш-сеткі могуць працаваць, калі людзі знаходзяцца дастаткова блізка адзін да аднаго (у межах дасягальнасці Bluetooth)
- Важна загадзя падрыхтавацца і ўсталяваць такія месэнджэры, пратэсціраваць іх з сябрамі
- Якасць працы такіх мэсэнджараў у 2020 г. вымушала жадаць лепшага, але, магчыма, сітуацыя з тых часоў выправілася.
Таксама неабходна памятаць пра базавыя меры бяспекі пры выкарыстанні традыцыйных каналаў сувязі (гарадскога тэлефона, галасавой сотавай сувязі, смс і г.д.). Некаторыя налады могуць зрабіць інфармацыю прыступнай для адсочвання, што можа прывесці да пагрозы пераследу. Таму важна не толькі заставацца на сувязі, але і захоўваць засцярогу ў тым, што і як вы перадаеце, каб мінімізаваць рызыкі і негатыўныя наступствы.